Сустрэча з Кніжнай феяй

31.10.2023

24 кастрычніка вучням 3 "Б" класа пашчасціла сустрэцца з крэатыўнай, знакамітай і неардынарнай беларускай дзіцячай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч –Лісавой. Пісьменніца расказала хлопчыкам і дзяўчынкам пра свае кнігі: «Прыгоды лісачкі Красуні», «Па чырвоных стрэлках», «Казкі сівой даўніны», «Палёт на Вухуцію» і г.д. Знаёмячы прысутных са зместам сваіх кніг, яна прапаноўвала дзецям гульнявыя моманты: прайсці па QR-коду  і паглядзець кароткія буктрэйлеры, створаныя па яе кнігах, зладзіць вандроўкі і гульні. Спалучаючы ў сваім выступленні знаёмства са зместам кніг і дэманстрацыю лялек, створаных па некаторых з іх, аўтарка выклікала ў дзяцей сапраўднае захапленне яе творамі! Героі  Кніжнай Феі жывуць на планеце Вухуція, ў Дзівосным лесе, на Зачараваным балоце, у Грыбным каралеўстве, у палацах, у Падзямельных царствах і, нават, у школе.

Напрыканцы сустрэчы дзеці з вялікім задавальненнем набывалі кнігі з аўтографам аўтара. На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Кацярына Станіславаўна пакінула наступны водгук: "Такія сустрэчы акрыляюць! Ад вялікага мноства раздадзеных аўтографаў скончыўся атрамант у маім пісьменніцкім пяры! У мяне з’явіліся новыя сябры-чытачы! Я шчаслівая  Кніжная фея! Вялікі дзякуй усім, хто прыйшоў!”