Культпаход у тэатр

22.04.2023

21 красавіка 2023 г. навучэнцы СШ №23 г. Брэста наведалі Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і музыкі. Васьмікласнікам і сямікласнікам быў паказаны спектакль па п'есе сучаснага беларускага драматурга Аляксея Дударава "Не пакідай мяне".

Дзеянне спектакля перанесла рабят у далёкі 1944 год - час перад самым пачаткам наступальнай аперацыі па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Школьнікі з цікавасцю глядзелі, як за дваццаць дзён франтавік-разведчык капітан Міхасёў рыхтаваў спецразведгрупу з чатырох дзяўчат да выканання асабліва важнага задання, як з зялёных навічкоў выходзілі сапраўдныя разведчыкі, прыстасаваныя да любых нечаканасцей і жахаў вайны.

Драматычная гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях, не змагла пакінуць абыякавымі гледачоў, а вельмі розныя і моцныя жаночыя вобразы, паказаныя на сцэне тэатра, выклікалі шчырае суперажыванне.