Да вытокаў душой дакрануцца...

18.04.2023

Пад такой назвай з 3 па 7 красавіка ў сярэдняй школе №23 г.Брэста праходзілі мерапрыемствы, прымеркаваныя да тыдня роднай мовы і літаратуры, у якіх прынялі ўдзел не толькі вучні 5 – 11 класаў, але і настаўнікі школы.

Тыдзень пачаўся з чаявання "Водар беларускіх зёлак", якое дазволіла дакрануцца да нацыянальных традыцый, прапагандавала здаровы лад жыцця, спрыяла стварэнню сяброўскай атмасферы ў калектыве.

Вучні пятых класаў, праявіўшы творчыя здольнасці, стварылі незвычайныя воблакі сакавітых беларускіх слоў, шасцікласнікі і сямікласнікі прадставілі свае работы на конкурс "Крэатыў: плакат-заклік".

Падарожжа ў краіну роднай мовы “Самы разумны” здзейснілі шасцікласнікі, а васьмікласнікаў чакаў турнір знаўцаў "Сакавітае беларускае слова", па выніках якога перамагла каманда 8 "Г" класа. З віктарынай "Старонкі з моўнай скарбонкі" вучні 5 "В" класа ўспомнілі народныя казкі і загадкі. Вучні 11-х, 9-х класаў і 5 "Б" дакрануліся да традыцый святкавання веснавых свят: гукання вясны, Вербнiцы, Вялiкадня. Сямікласнікі наладзілі фальклорныя пасядзелкі "Звычаі і традыцыі Вялікадня", а дзесяцікласнікі разам з вучнямі 5 "Б" класа прынялі ўдзел у флэш-мобе "У адзенні душа народа", паказаўшы гледачам асаблівасці нацыянальнага касцюму. Вучні 9 "Б" пазнаёміліся з прыродай роднага краю ў краязнаўчым музеі горада, наведаўшы выставу птушак.

Майстар-класы "Велікодная казка" і "Галінка вярбы" сабралі аматараў хатняга дэкору. Настаўнікі-калегі мелі магчымасць зрабіць сваімі рукамі велікодныя вырабы, а вучні 7-х класаў напярэдаднi Вербнай нядзелi ўпрыгожвалі галінкі вярбы.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня, спрыялі выхаванню павагі да роднай мовы, да Радзімы, да яе традыцый. Мова аб'яднала пакаленні. І дзеці, і дарослыя далучыліся да нацыянальных вытокаў, адчулі каларыт беларускага слова, прадэманстравалі сваю эрудыцыю, знаходлівасць і творчыя здольнасці.

Завяршыўся тыдзень дастойным выступам вучаніцы 8 "Г" класа Птухі Паліны ў раённай алімпіядзе па мове і літаратуры. Дзяўчына ўзяла Дыплом І ступені.