Тур выхаднога дня на Міншчыну

03.06.2022

Знаёмства з мясцінамі, якія захоўваюць старонкі ваеннай гісторыі нашай краіны, адбылося для навучэнцаў 7 "А" і 7 "Б" класаў 29 мая.

У аўтобусным туры выхаднога дня школьнікі пабывалі ў гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна", своеасаблівым ваенна-гістарычным музеі пад адкрытым небам, пазнаёміліся з экспазіцыяй ваеннай тэхнікі, артылерыі, танкаў, авіяцыі, стралковай зброі, пастралялі з кулямёта "Максім".

У сусветна вядомым мемарыяле "Хатынь" хвілінай маўчання сямікласнікі ўшанавалі памяць кожнага трэцяга беларуса, загінуўшага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Юныя брастаўчане прайшліся па адзінай вуліцы вёскі, даведаліся, чаму там звоняць званы, хто стаў прататыпам для скульптуры "Непакораны чалавек", які наказ выгравіраваны на Вянку памяці, убачылі "магілы" знішчаных фашыстамі беларускіх вёсак.

Сямікласнікі наведалі і Курган Славы — помнік воінам, якія вызвалялі Мінск летам 1944 года, падняліся на земляны насып вышынёй у 35 метраў, убачылі скульптурную кампазіцыю з чатырох штыкоў, якая сімвалізуе чатыры франты, што вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Камфартабельны аўтобус у канцы экскурсіі правёз школьнікаў па Мінску, па яго шырокіх і прасторных праспектах. Сталіца Беларусі сустрэла брастаўчан квітнеючымі садамі і каштанамі.

Аўтобусны тур выхаднога дня для сямікласнікаў прайшоў на "выдатна". Паездка аказалася вельмі пазнавальнай, пакінула шмат уражанняў і ўспамінаў.