Спектакль "Выкраданне Джоні"

24.03.2022

Спектакль "Выкраданне Джоні" паводле гумарыстычнага апавядання О. Генры «Правадыр чырванаскурых» быў прадстаўлены для навучэнцаў сярэдняга звяна ў тэатры драмы і музыкі 23 сакавіка. Гісторыя пра двух авантурыстаў з Захаду, якія вырашылі зарабіць на выкраданні дзіцяці заможнага жыхара, спадабалася ўсім дзецям. Герой спектакля, выкрадзены ашуканцамі, несуцішны і гаманкі хлапчук-свавольнік, здолеў так замучыць сваіх выкрадальнікаў, што тыя пашкадавалі аб тым, што ўвязаліся ў гэтую авантуру.

Усе персанажы ў пастаноўцы - гэта антыгероі. Акцёры спектакля сваёй ігрой якраз і паказалі, як не трэба рабіць не толькі дарослым, але і дзецям. Падрастаючае пакаленне са сцэны ўбачыла, як не павінна паводзіць сябе дзіця, чаго нельга рабіць ні пры якіх абставінах, што за ўсе дрэнныя ўчынкі ў гэтым жыцці будзе адплата.

На жаль, праблемы грамадства, узнятыя амерыканскім пісьменнікам яшчэ ў другой палове XIX стагоддзі, актуальныя і сёння. У першую чаргу гэта павучальная гісторыя для бацькоў як нагода задумацца, да чаго можа прывесці грэбаванне бацькоўскімі абавязкамі. Спектакль "Выкраданне Джоні" рэкамендуецца для сямейнага прагляду.