"Восеньская перазагрузка" для навучэнцаў 5-7-ых класаў

09.11.2021
Дваццаць адзін навучэнец з пятых, шостых і сёмых класаў сярэдняй школы 23 праводзіў восеньскія канікулы ў аздараўленчым лагеры дзённага знаходжання "Расінка".

Школьны адпачынак "Восеньская перазагрузка" для падлеткаў з 3-га атрада пачынаўся ўжо а дзявятай гадзiне. На ўваходзе ў дзяцей правяралася тэмпература, рабіліся запісы аб iх стане -- абавязкова выконваліся ўсе метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы і недапушчэнні ўзнікнення і распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Прадугледжана было штодзённае трохразовае харчаванне ў СШ 24, вітамінізацыя.

На працягу ўсяго дня з дзецьмі знаходзіліся вопытныя і адказныя педагогі. Дарослыя імкнуліся разнастаіць вольны час сваіх выхаванцаў. На працягу ўсёй змены рабяты з 3-га атрада былі ўцягнуты ў кругазварот розных падзей. Кожны наступны дзень для іх не быў падобны да папярэдняга і напаўняўся новымі ўражаннямі, зносінамі, творчасцю.

У парку Мiра падчас экскурсіi "У гармонii з прыродай" i па дарозе да Храма Божай Маці "Усецарыца" выхаванцы змаглi атрымаць асалоду ад цудоўнага надвор'я i апошнiх цёплых дзянёчкаў, палюбавацца прыгожай асенняй прыродай, яркімi і насычанымi колерамi дрэў.

Штодня самыя рухавыя змаглі праявіць сябе ў спаборніцтвах па настольным тэнісе, валейболе, у спартыўных эстафетах, у гульні "Два капітаны". Дзеці паказвалі не толькі фізічны спрыт і хуткасць, але і праяўлялі камандны дух і пачуццё таварыскасцi.

Iнтэлектуальныя гульні i квэсты, турніры -- выдатнае рашэнне для правядзення "Восеньскай перазагрузкi" ў лагеры. Атрадны "Лінгвістычны турнір" пра прыгажосць і багацце рускай мовы ўяўляў сабою работу ў камандах. Гульцы, удасканальваючы веды, уменні і навыкі валодання рускiм маўленнем, выконвалі заданні рознай складанасці. Матэрыял для конкурсаў, вядома ж, быў падабраны з улікам багажу ведаў школьнiкаў. Падчас квэстаў "Усё пра ўсё", "Юны следапыт", праведзеных педагогамi-арганiзатарамi, хлопцы i дзяўчаты змаглi адчуць сябе сапраўднымі шукальнікамі прыгод, разгадваць шарады і галаваломкі. Удзельнікаў чакалi разнастайныя заданнi, справіўшыся з якімi можна было атрымаць заслужаную ўзнагароду. Iнтэлектуальная квіз-гульня "Барацьба розумаў" паклікала падлеткаў паспаборнічаць у барацьбе за званне лепшага гульца ў бібліятэку "Юнацтва". У 3-га атрада была магчымасць праверыць сваю эрудыцыю, логіку і інтэлект.

Адказам на ўсе шматлікія "Чаму?" і "Як гэта зрабіць?" прысвячаўся адзін з дзён заняткаў у лагеры "Дзень адкрыццяў". У хімічнай і фізічнай лабараторыях "Хімічым разам" i "Фізіка вакол нас" дзеці, эксперыментуючы, адкрылі для сябе, што навука - гэта сапраўды цікава!

У заключны дзень змены працавала творчая майстэрня "Восеньскае асарці". Выстава створаных рабятамі букетаў з прыроднага і не толькі матэрыялу атрымалася яркай і маляўнічай. Восеньскi настрой атрадаўцы забралi не толькi сабе на памяць, але i падаравалi работнiкам школы.

"Восеньская перазагрузка" для шкаляроў сярэдняга звяна паспяхова завершылася. Мэта, пастаўленая педагогамі - стварэнне ўмоў для ўмацавання здароўя навучэнцаў і арганізацыі вольнага часу ў канікулярны час - дасягнута. Дзеці ўмацавалі сваё здароўе, выдатна правялі час, знайшлі новых сяброў.